Суботні дзень у сталіцы

Суботні дзень 28 мая навучэнцы другога і трэцяга курсаў спецыяльнасці "Інструментальнае выканальніцтва (інструменты народнага аркестра)" разам з куратарам, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры А.П.Сцепавым, правялі ў Мінску.

6 ліпеня гэтага года спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. 

У Купалавай творчасці злучаліся найлепшыя здабыткі народнай паэзіі і еўрапейская літаратурная традыцыя. Ён стаў выразнікам беларускага духу, яго слова аддана служыла адраджэнню Бацькаўшчыны, станаўленню беларускай дзяржаўнасці. 

І таму першай кропкай на карце Мінска стаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Экспазіцыя "Шляхамі паэта" ўразіла ўсіх. Рукапісы Янкі Купалы, выданні яго твораў розных гадоў, асабістыя рэчы паэта, шматлікія фотаздымкі, творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва распавядаюць пра жыццё і творчасць песняра беларускай зямлі, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё краіны. Мемарыяльныя куткі, інтэр’еры рабочага кабінета, гасцёўні, што створаны па ўспамінах і архіўных матэрыялах, - усё дае магчымасць акунуцца ў тыя часы, аказацца проста побач з паэтам. Насамрэч гэта ўражвае: Купала тут, ён побач з табой, чытае вершы, слухае музыку.

Пасля экскурсіі па экспазіцыі музея навучэнцы мелі магчымасць прайціся па Парку імя Янкі Купалы, вуліцамі Мінска, які вітаў вясёлкай над горадам.

А ўвечары ўсіх чакала грандыёзнае відовішча ў Вялікім тэатры - "Дзікае паляванне караля Стаха". Опера Уладзіміра Солтана паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы Ганны Маторнай не магла не захапіць сваёй маштабнасцю. Нястрымны танец дэкарацый, калейдаскоп візуальных эфектаў, светлавых рашэнняў стварае ілюзію поўнай прысутнасці. Ажывае і старажытны замак, і яго ваколіцы, і сташэнная багна Балотных Ялін. На сцэне ў нейкі момант з'яўляецца... жывы конь. І канечне ж, у поўнай меры адчуваецца атмасфера Беларусі, яе традыцый, людзей праз рэканструкцыю абрадаў, легенд і паданняў.

Суботні дзень, праведзены у сталіцы, нікога не пакінуў абыякавым, і таму пасажыры начнога цягніка доўга яшчэ маглі, прыслухоўваючыся, пачуць, як перашэптваліся адзін з адным нашыя навучэнцы, дзелячыся прыемнымі ўражаннямі.