Году малай радзімы прысвячаецца.... Творчая сустрэча з беларускім паэтам Міколам Пракаповічам
Навучэнцы, выкладчыкі і супрацоўнікі каледжа, шматлікія госцi мелі магчымасць даведацца пра асобу гэтага таленавітага паэта, журналіста, краязнаўцы, лаўрэата Літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкаму імя У. Калесніка (2008), дакрануцца да яго шматграннай творчасці. Гутарка з М. Пракаповічам была пабудавана ў выглядзе інтэрв’ю, якое вялі навучэнкі III курса спецыяльнасці "Музыказнаўства" – Кацярына Лялько, Даніэль Вакульская, Ганна Гладкова, Вікторыя Сахарчук.
Падчас прэзентацыі вершаў, якія, быццам эпіграфы, пранізвалi наскрозь усю гутарку, паэт дзяліўся з прысутнымі шчырымі ўспамінамі пра свае дзяцінства, годы сваёй маладосці, пачатак ўласнага творчага шляху, разважаў на актуальныя для ўсіх часоў тэмы – як любіць сваю радзіму, што такое мастацтва і якую ролю яно займае ў жыцці кожнага чалавека.
А своеасаблівым музычным эпіграфам да сустрэчы стала выступленне аркестра беларускіх народных інструментаў (мастацкі кіраўнік і дырыжор - А. Захарчук), у выкананні якого прагучалі творы вядомых беларускіх кампазітараў. Цудоўным і нечаканым падарункам для ўсіх прысутных з’явіўся паказ відэафільма, прысвечанага жыццю і творчасці Рыгора Шырмы, які быў створаны аўтарам падчас працы над мастацка-публіцыстычнымі праграмамі “Берасце”, “Край”.
На сустрэчы панавала вельмі прыемная і цёплая атмасфера. З вялікай зацікаўленнасцю навучэнцы слухалі публіцыста і, як аказалася, нашага земляка – выхоўваўся ен ў колішнім прыгарадзе Бреста за Мухаўцам, які раней быў вёскай Пугачова, дзе паводле ўласнага сведчання, практычна пачуў і пабачыў тое народнае жыцце, якое і зараз натхняе паэта на штодзенную творчую працу. Плённа супрацоўнічае паэт з мясцовымі кампазітарамі. Песня Ул. Літвінчука “Палешукі” на словы М. Пракаповіча ў выкананні хора народнай песнi “Купавушка” і аркестра беларускіх народных інструментаў стала прыемным завяршэннем гэтай вельмі жаданый і карыснай сустрэчы, арганізаванай старшынёй цыклавой камісіі "Гісторыя музыкі" Наталляй Дрозд.
Выкладчык Эліна Салейчук