Году малай радзімы прысвячаецца.... Па мясцінах Напалеона Орды

20 кастрычніка 2018 года група навучэнцаў і настаўнікаў Брэсцкага музычнага каледжа па ініцыятыве цыклавой камисіі «Гісторыя музыки» трапіла на радзіму знакамітага беларускага мастака і кампазітара ХІХ стагоддзя, ураджэнца Брэсцкай вобласці, Напалеона Орды.
Уражаннямі ад паездкі падзялілася навучэнка 3 курса спецыяльнасці «Музыказнаўства» Кацярына Лялько:


«Кастрычнік - лепшы час для маленькага падарожжа. Паабапал дарогі залаты бярозавы гай, чырвоныя дубы, палі і лес, прыемная цеплыня, сонейка... Мы ехалі даведацца, хто ж такі Напалеон Орда, чым жа знакаміты наш зямляк.

У аўтобусе нам расказалі пра яго жыццё і далі некаторыя звесткі пра кампазітарскую творчасць. Орда пісаў канцэртныя паланезы, мазуркі, вальсы, накцюрны і песні. Ён аўтар «Граматыкі музыкі» (якая доўгі час была адзіным на Беларусі падручнікам па тэорыі музыцы) і «Граматыкі польскай мовы»). Але больш за ўсе ён вядомы як мастак архітэктурных пейзажаў. Падрабязней пра гэта мы даведаліся ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна, куды прыехалі ў першую чаргу.

Спачатку мы трапілі ў музей, прысвечаны асобе Напалеона Орды. Усяго, што мы пачулі, не перакажаш, але вось самае цікавае: атрымаўшы вядомасць у першую чаргу як музыкант і мастак, Напалеон Орда спачатку вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта; пасля паўстання эміграваў у Парыж, яго лепшым сябрам стаў Ф. Шапэн; вучыўся жывапісу ў П'ера Жэрара, быў знаёмы з Ф. Лістам, Г. Берліёзам, О. Бальзакам, І. Тургеневым, Дж. Рассіні, А. Стэндалем, П. Віардо; некаторы час быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Мы пабачылі літаграфіі карцін Орды. Гэта нейкая скарбніца! Дзякуючы гэтым малюнкам мы цяпер, у ХХІ стагоддзі, ведаем, як выглядалі ў ХІХ стагоддзі Іванава, Высокае, Камянец, Брэст, Скокі, Навагрудак, Трокі, Нясвіж, Мір, Гародня і многа іншых архітэктурных помнікаў у розных частках краіны... Дзякуючы яго мастацкай спадчыне былі аднаўлены многія замкі, маёнткі, цэрквы, пра выгляд якіх ніхто нічога б не ведаў. Гэта неверагодна, як адзін чалавек аб'ездзіў столькі мясцін, зрабіў столькі эскізаў і ператварыў іх ў карціны!

Яшчэ мы наведалі Карцінную галерэю сучасных мастакоў у Варацэвічах. Яны прыязжаюць на радзіму Орды на пленэры, малююць гэтыя мясціны і пакідаюць свае працы ў мастацкім музеі. Было столькі прыгажосці, што дух займала... Многія нават і не ўяўлялі, што на Палессі працуе сёння столькі талентаў!

Далей – Моталь, а дакладней – «Мотальскі музей народнай творчасці». Здаецца мне, гэта тыя залы, якія трэба наведаць кожнаму беларусу. Столькі ўсяго старажытнага, тагачаснага, насычанага працавітым сялянскім духам... Нам падрабязна расказалі і паказалі, як адбывалася апрацоўка ільну, як праходзілі сямейныя святы, як рабілі адзенне і як яно выглядала, як нашы продкі пралі і ткалі і яшчэ шмат цікавага.

Наступны прыпынак – археалагічны музей ў тым жа Моталі. Нечакана было ўбачыць яго ў звычайнай, здаецца, вёсцы. Экскурсавод расказвала пра першабытных людзей і іхнія прылады працы, пра мамантаў на тэрыторыі Беларусі, пра крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, пра тое, як яны, толькі пачаўшы вырабляць посуд, імкнуліся яго адразу як-небудзь упрыгожыць. А гэта сведчыць пра тое, што эстэтыка і мастацтва ўжо з тых часоў былі неабходныя для людзей!

‌Апошні пункт нашага падарожжа – горад Іванава, дзе знаходзіцца адзіны помнік Напалеона Орды і музычная школа, якая носіць яго імя. Цэнтральная плошча горада яшчэ раз нагадвае пра талерантнасць беларусаў: праваслаўная царква суседнічае з каталіцкім касцёлам, а побач – дом культуры, райвыканкам, гімназія. Мы абайшлі цэнтр горада, сфатаграфіраваліся каля помніка Напалеона Орды і, насычаныя ўражаннямі, адправіліся ў зваротную дарогу. Усе, стомленыя, пачалі драмаць... Але нехта ўспомніў, што ў аўтобусе музыканты, а дакладней харавікі і тэарэтыкі, і зусім нельга страціць такую магчымасць – заспяваць усім разам. Тут спатрэбіліся і песенкі з мультфільмаў, і народныя песні, і творчасць бардаў. «Ничего на свете лучше нету, чем бродить друзьям по белу свету...» – з такім прыўзнятым настроем мы і прыехалі дадому.

‌Так цудоўна пабачыць нешта новае, даведацца пра вялікую колькасць цікавага і проста правесці час у добрай кампаніі... ‌Вялікі дзякуй усім, хто сабраў, арганізаваў, расказваў і падарожнічаў!»