21 лютага навучэнцы каледжа прыядналіся да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы

Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў 21 лютага дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

Навучэнцы Брэскага музычнага каледжа 21 лютага не засталіся ў баку ад святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. У гэты дзень была арганізвана акцыя "Разнаўляй са мной па-беларуску!".

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць. Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай.

Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай. А роднай? Калі шчыра, каштоўнасць гэтага скарбу ўсведамляюць нямногія. На жаль. Мову вывучаюць у школе, нядрэнна разумеюць, але мала хто свабодна на ёй гаворыць і ёю карыстаецца. Прычыны гэтага называюць розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым ці якія іншыя. А можа, варта проста памяняць свае адносіны да мовы, адважыцца і пачаць? Паспрабаваць хаця б на працягу аднаго дня, 21 лютага, гаварыць з калегамі, сябрамі, блізкімі на роднай мове.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. І калі мы хоць калі задумаемся аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку" або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Дык не дай загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове.