ІІІ Абласны адкрыты конкурс юных кампазітараў

Завяршыўся ІІІ Абласны адкрыты конкурс юных кампазітараў. У заключным этапе, які адбыўся 24 красавіка, былі прадстаўлены 34 сачыненні навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Брэсцкай вобласці, г.Мінска і абласнога ЦМТ. 

Умовы творчага спаборніцтва ўпершыню змяніліся. Конкурсная праграма ўдзельнікаў павінна была складацца з двух твораў, адзін з якіх з'яўляўся абавязковым і ўяўляў сабой вакальнае сачыненне на тэксты паэтаў-юбіляраў - Петруся Броўкі (115 год з дня нараджэння), Рыгора Барадуліна (85-год з дня нараджэння), Уладзіміра Караткевіча (90-год з дня нараджэння) - а таксама адпавядаў тэме «Божа, пашлі Беларусі ласку з тваімі вачамі...». Новая ідэя конкурсу ўнесла вялізную лепту не толькі ў выхаванне падрастаючага пакалення маладых талентаў, але і ў вялікую справу захавання нацыянальнай музычнай культуры акадэмічнага напрамку.

Выступленні ўдзельнікаў парадавалі сваім сур'ёзным стаўленнем, крэатыўнасцю, прадуманым выбарам паэтычных тэкстаў прызнаных беларускіх паэтаў-класікаў. Найбольш прадстаўнічай аказалася каманда Жабінкаўскай ДШМ (настаўнікі Л.Н. Каўбаска, Т.А.  Зданкевич). Відовішчным, музыкальным, з "разыначкай" падалося выступленне навучэнцаў СШ N3 г. Брэста, традыцыйна падрыхтаваных настаўнікамі спецыяльнага інструмента Н.У. Шуць, Н.А. Прылуцкай, І. А. Вярэніч. Юнацкім зачараваннем, мяккай манерай выканання заваяваў увагу выступ Дар'і Шыраевай (клас кампазіцыі А.і. Безенсон). Яркімі, запамінальнымі былі выступленні выхаванцаў дзіцячай музычнай школы пры Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Рыгора Шырмы настаўніка С.А. Максімук - сясцёр Ганны і Марыі Маславых (шматразовых пераможцаў творчых спаборніцтваў), Кацярыны Цагойкі і Даніэля Пляско (упершыню  ўдзельнічалі ў конкурсе). Усе яны сталі лаўрэатамі III абласнога адкрытага конкурсу юных кампазітараў. Струнны ансамбль (мастацкі кіраўнік Л. М. Кулажынская), ансамбль народных інструментаў (мастацкі кіраўнік А. В. Гушча), хор навучэнцаў школы пры каледжы  ўпрыгожылі выступленні канкурсантаў.

На гэты раз гран-пры заваяваў вучань другога класа дзіцячай музычнай школы пры Брэсцкім музычным каледжы Даніэль Пляско, які ўразіў не толькі прадуманасцю, паэтычнасцю, рэдкім па прыгажосці меласам сваіх твораў, але яшчэ і ўніверсальнасцю ўвасаблення іх мастацкага вобраза. Даніэль выступіў як саліст-віяланчаліст, які ўразіў цудоўным гукам інструмента ў п'есе-рамансе ўласнага сачынення і ў дуэтах сваіх сапернікаў, і як саліст-вакаліст з хорам, звонка і пранікнёна выканаўшы выдатную песню ўласнага сачынення на словы Пятруся Броўкі "Цар-дуб".

Старшынёй журы малодшай групы была знакамітая выпускніца Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы 1968 года, педагог, кампазітар, лаўрэат Нацыянальнай прэміі "За духоўнае адраджэнне", член Саюза кампазітараў Беларусі Людмiла Карпаўна Шлег, якая адзначыла прыкметны стыль асобных твораў юных талентаў.  

Старшынёй журы ў сярэдняй і старэйшай групах выступіў выкладчык Брэсцкага музычнага каледжа, кампазітар Юрый Яўгенавіч Цагойка.  Нікога не пакінуў абыякавым канцэрт сачыненняў класа Ю.Я. Цагойкi, які з'явіўся фінальнай кропкай ІІІ Абласнога адкрытага конкурсу юных кампазітараў.

Няхай дасягненні гэтага Конкурсу стануць для кожнага з вас прыступкай на шляху ў свет акадэмічнай музыкі. Няхай Свет гэтай музыкi адкрыецца вам усімі сваімі гранямі! Добрага, блаславёнага вам шляху, дарагія дзеці і  настаўнікі!

Музыказнаўца Н. В. Жэбiт і выкладчыкі музычна-тэарэтычных дысцыплін Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы.

24.04.2021 г.

Loading...